КАЎНЯ - ЧАРОЎНАЯ РАКА

Апошнім часам мы шмат гаворым аб Годзе малой радзімы, шмат чаго робім. А яшчэ ў кожнага малая радзіма свая. Але часцей мы больш ведаем аб чужых землях, чым пра сваю.
Для мяне малой радзімай з'яўляюцца нашыя Калінкавічы. З аднога боку гэта сучасны населенны пункт Рэспублікі Беларусь, а з другога – сяленне з багатай, нават не векавой, а тысячагодняй гісторыяй. Аб гэтым яскрава сведчаць артэфакты, знойдзеныя ў 50-70-хх гадах каля ракі на некалі існаваўшым гарадзішчы ў заходняй частцы Калінкавіч. Тут былі знойдзены рэчы, якія адносяцца да эпохі энеаліта і бронзавага веку культуры шнуровой керамікі.
Але як мала мы ў агульнай масе гараджан ведаем аб гэтым.
Гісторыя многіх гарадоў пачыналася з рэк. Менавіта з рэк як аб'ектаў, ахоўваючых пасяленне, рэк, якія служылі транспартнымі артэрыямі і крыніцамі, даруючымі жыццё.
А штож наша рака, якая працякае з усходу на захад праз цэнтр усяго горада? Што мы ведаем аб ёй? Амаль нічога? Нават назвы няма. Безыменная рэчка, ці горш за тое – “Пераплюйка”. Гучыць, як плявок у сваю гісторыю, на сваё минулае.
Я спадзяюся, што, разгледзеўшы некаторыя дакументы мінулага і вярнуўшы нашай рэчцы страчаную назву, мы ўсе агульна знойдзем для сябе няхай сабе маленькі, але повад ганарыцца сваёй спадчынай. Сваім горадам. Сваёй малой радзімай.
Некалі ў кнізе “Памяць. Калінкавіцкі раён”, чытаючы выпіску з дакумента 1560 года пад назвай “Абмежаванне каралеўскіх сёлаў Мазырскага павета, здзейсненае панамі Валовічам і Нарушэвічам” і спрабуючы ўстанавіць на сучаснай карце, дзе праходзіла мяжа сёл Гулевічы і Калінкавічы, мне сустрэлася адна цікавая назва гідроніма – КАЎНЯ, дакладней, брод Каўні. У мяркуемым месцы ўказваецца русла ракі, якая выцякае з нашага горада і праз некалькі кіламетраў сваім усцьем упадае ў раку Ненач.
Першапачаткова маючы гіпотэзу, што той самай Каўняй з'яўляецца працякаючая праз наш горад рака, а дакладней будзе сказаць – сучасны меліаратыўны канал Н1 “Нецеч”, я задаўся мэтай знайсці абаснаванне сваім здагадкам.
Першае падцвярджэнне находзіцца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве. Дакумент пад назвай “Інвентар Багрымавіцкага стараства Мазырскага павета 1776 года” нараду з апісаннем Багрымавіцкага і Калінкавіцкага фальваркаў з блізляжачымі сёламі Каленкавічы, Гулевічы і Бабровічы апісвае гаспадпрчыя пабудовы, млыны і кузні. Таксама ў ім указаны назвы тагачасных палеткаў, лугоў, азёр і рэк.
Дык вось у дакуменце, у апісанні Калінкавіцкага млына, указваецца, што ён [млын] знаходзіўся “…на рацэ Каўні (Kawni), да якога ідуць ад сялянскіх гумнаў тойжа дарогай праз насыпную грэблю крокаў 30 да маста, ці спусту (плаціны) і млына. На спусце, які мвае ў сабе 8 крокаў, ёсць тры зáстаўкі для выпуску вясновым часам лішняй вады. Непадалёку ад таго месца, зправага боку млын на адно кола”.
Дзе знаходзілася грэбля і насыпная дарога, вядома і зараз – гэта вуліца Савецкая ў раёне аўтамабільнага маста. Атрымліваецца, што млын на Каўні знаходзіўся амаль у цэнтры сучасных Калінкавіч. А рака Каўня і зараз цячэ праз горад.
Як бачым, ад першага ўпамінання назвы ракі ў 16 стагоддзі гідронім праз 216 год зноўку трапляецца ў крыніцах, дакументаваных 18 стагоддзем.
Наступнае ўпамінанне аб Каўні сустрэлася зноў праз 152 гады ў дакументах, захоўваючыхся ў Мазырскім архіве. За 1928 год у “Записке к схематическому плану гор. Калинковичи Мозырского округа” у частцы, касаемай эксплуатацыі зямлі ў межах праэкта паказана, што “ -рекою Кавнею протяженностью 5км занято 1,5 гектара городской земли”.
У гэтымжа дакуменце Камісіей па адгранічэнню ўнешняй мяжы горада Калінкавічы ў першапачатковых мерапрыемствах вызначаны:
“п.2 Осушка заболоченных площадей с предварительной нивелировкой старых заплывших каналов и речки Кауни и устройство пруда для нужд города при реке Кауни.
п.8 Отсутствие в гор. здоровой питьевой воды ставит первоочередным вопрос об устройстве артезианского колодца – основного камня будущего водопровода. Это имеет важное значение и как противопожарная мера ввиду пересыханию реки Кауни в летние месяцы, а зачастую и зимою”.
Адсюль выснова – рака адыгрывала важную ролю ў жыцці горада і ў 20-м стагоддзі і, у тойжа час, захоўвала сваю гістарычную назву.
Дарэчы, у гэты часовы адрэзак назва ракі ўпамінаецца ва “Умове заключанай паміж Калінкавіцкім Горсаветам у асобе Загадчыка Камунальнай часткі Новікава М.К. з аднаго боку і прадстаўніка ад Насеннага Таварыства “Пчала” Загадчыка праўлення Пятрушэнка Е.А. і Сябра праўлення і Сакратар Супруновіч Л.М. з другога боку”, дзе гаворыцца, што “Калінкавіцкі Горсавет здае Таварыству “Пчала” ў арэнднае карыстанне на дзесяць гадоў пачыная з 1 кастрычніка 1928 года па 1 кастрычніка 1938 году плошчу зямлі знаходзячуюся ў граніцах м-та Калінкавічы па вуліцах Першамайскай і Камсамольскай; з поўначна-заходняй стараны – вуліца Першамайская, з паўднёвай – агароджа ус.РВК і вул. Савецкая, таксама сядзібы Сцекала, Каплана, Ю.Голера і іншых і р.Каўня, з захаду сенажаці карыстання в.Калінкавічы да насыпу і грэблі…”
У чатырнадцатым пункце Умовы гаворыцца: “Заросшый кустарнікам сенакос і няўдобныя плошчы заросшыя рагозам, плюшнікам і інш. Плошчаю прыкладна пяць гектараў [5г] пры р.Каўні ад сялянскай сенажаці вёскі Калінкавічы да сядзібы Грынвальда перадаецца арандатару ў карыстанне без асобай уплаты”.
Шмат вады ўцякло з тых часоў. Прайшлі годы і па якімсьці прычынам назва паступова знікла з абіходу.
Неяк у 2016 годзе ў размове з калінкавіцкім паэтам Сяргеям Сямёнавiчам Шаўчэнкам (1940г.н.) пра СМУГНАР, пра пасляваеннае жыццё ў горадзе я пачуў ўжо знаёмую мне назву – Каўня…рэчка, на якую хадзіла тагачасная моладзь купацца. На маё пытанне дзеж гэтая Каўня знаходзіцца? Ён, абурыўшыся, адказаў: - Ну якжа дзе? У нас! Купаліся ж на ўскрайку горада.
Праз год у 2017 у размове з жыхаркай г.Калінкавічы Ганнай Аляксееўнай Паслоўскай я зноўку пачуў гэту назву. Ганна Аляксееўна расказала, што на Каўнi дзецi 40-х рвалi бабоўнiк i трысцё. І мне было вельмі прыемна, што ёсць гараджанне, якія ведаюць і памятаюць ісконнае імя нашай рэчкі.
Прыемна было ўбачыць назву “Каўня” і ў Вялікім гістарычным атласе Беларусі (том 1), які прыдбаў у 2019 годзе, дзе ўказваецца на то, што назва мае старадаўняе iнда-iранскае паходжанне.
Абагульненых фактаў, мяркую, будзе дастаткова для доказу гіпотэзы, агучанай раней. Дастаткова доказаў, каб прызнаць факт, што ў нашай рэчкі здаўна было і ёсць сваё гістарычнае імя. І аніякая ні Пераплюйка, ні Калінкоўка, ні Закаванка, ні Нецеч.., а самая што ні на ёсць гордагучная, старажытная, векапомная Каўня.
Што датычыцца паходжання назвы. “Полный церковно-славянский словарь Дьяченко 1900 года” (ст. 1004, прыбаўленне), а таксама “Толковый словарь живого Великорусского языка В.И. Даля”(1881год, ст. 71) на сваіх старонках маюць тлумачэнне аднаго бадай ужо зніклага слова – “Каўнік”
У слоўніку У.І. Даля “КАВНИК = колдун, чернокнижник”.
У слоўніку Г. Дзьячэнкі “КАВНИК- м. ряз. колдун, знахарь, шептун, ворожея”.
Таму, я мяркую, у старажытныя часы той самы Каўнік жыў недзе непадалёк ад рэчкі, альбо на яе беразе. Чым ён там займаўся, можна толькі здагадвацца, але назву ад яго рэчка ўпаўне магла атрымаць. А можа, інтэпрытуючы назву, мы атрымаем – Каўня=Чароўная, альбо Калдаўская рака, рака Чараўніка (Каўніка). І сапраўды даводзіцца бачыць увосень і ўвесну, а бывала і летам чароўнай прыгажосці шэрань (туман) над ракою.
А між тым, я спадзяюся, некалі мы ўсе ўбачым на мосце ракі знак з яе чароўнай назвай– “Каўня”.

Сяргей Малашчанка
навуковы супрацоўнік ДУК “Калінкавіцкі краязнаўчы музей”

386