Дзяржаўная ўстанова культуры «Калінкавіцкі краязнаўчы музей»

Дзяржаўная ўстанова культуры
«Калінкавіцкі краязнаўчы музей»

Установа дзяржаўнай формы ўласнасці.
Музей комплекснага профілю.
Дата заснавання: 26 сакавіка 1991 года.
Для наведвальнікаў музей адчынены 14 студзеня 1994 года.

Першапачатковая назва, статус, месцазнаходжанне: «Калінкавіцкі Дзяржаўны краязнаўчы музей», дзяржаўная навукова-даследчая установа па вывучэнню гісторыі і культуры раёна, вул. Інтэрнацыянальная, 11 А.

Змены і даты змен:

  • 14 студзеня 2004 года адкрыты 3 экспазіцыі: «Версеты гісторыі, альбо Старажытнасці Калінкавіцкага краю ў матэрыяльных рэштках», «Калінкавіцкі строй. Песня маіх дзядоў», «Яны прайшлі па той вайне»;
  • 8 мая 2015 года абноўлена і рэканструявана экспазіцыя «Яны прайшлі па той вайне». Экспазіцыя была дапоўнена экспанатамі і атрымала новую назву «Вялікім вогненным гадам святую памяць захоўваючы…»;
  • 11 студзеня 2019 года, да 75-й гадавіны вызвалення вязняў Азарыцкага лагера смерці, была абноўлена экспазіцыя «Вялікім вогненным гадам святую памяць захоўваючы…»;
  • 10 лютага 2022 года рээкспазіцыя «Спаленыя вёскі. Па слядах нацысцкіх злачынстваў».

Сучасная назва: Дзяржаўная ўстанова культуры «Калінкавіцкі краязнаўчы музей».
Статус — 4 жніўня 2016 года Дзяржаўнай установе культуры «Калінкавіцкі краязнаўчы музей» быў нададзены статус юрыдычнай асобы.
Месцазнаходжанне (зменены юрыдычны адрас): г. Калінкавічы, вул. Карла Маркса, 14/2
Філіял «Музей пад адкрытым небам — стаянка першабытнага чалавека ў н.п. Юравічы Калінкавіцкага раёна».
Агульная музейная плошча складае 500 м2. Экспазіцыйная плошча — 216 м2. Плошча пад часовыя экспазіцыі — 150 м2.
Асноўны музейны фонд налічвае 5 958 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны фонд — 4 041 адзінка (на 1.03.2023 г.).

Рашэнне «Аб стварэнні музея гісторыі Калінкавіцкага раёна» № 53 было прынята выканаўчым камітэтам Калінкавіцкага гарадскога Савета народных дэпутатаў 26 сакавіка 1991 года. Такім чынам, гэта дата стала адпраўным пунктам пачатку гісторыі Калінкавіцкага дзяржаўнага краязнаўчага музея.

Натхняльнікам і першым дырэктарам стала Раіса Сцяпанаўна Атаманава.

З гісторыі стварэння Калінкавіцкага дзяржаўнага краязнаўчага музея. Расказвае першы дырэктар Раіса Сцяпанаўна Атаманава: «Намеснік міністра абароны СССР Уладзімір Міхайлавіч Шуралёў правяраў Беларускую акругу. Яму далажылі, што вельмі вялікі ўклад і дапамогу ў арганізацыі патрыятычнага выхавання аказвае „Народны музей Баявой славы сярэдняй школы №6 горада Калінкавічы“».

Намміністра гэта зацікавіла, і ён пажадаў прыехаць паглядзець, што ўяўляе сабой гэты музей, пра які ён столькі чуў.

Наведаўшы музей, пачытаўшы кнігу водгукаў, папрысутнічаўшы на ўроках, ён убачыў, наколькі глыбока прадстаўлены матэрыял па вызваленні раёна, па падпольшчыках і партызанах, па падзеях на тэрыторыі раёна. Паглядзеў і сказаў: «Так, у вас шмат матэрыялу, вельмі шмат, але вось толькі афіцэры кажуць, што няёмка адбіраць у Раісы Сцяпанаўны суботу і нядзелю, усё ж сярод тыдня ў яе ўрокі...». Я адказала, калі быў бы дзяржаўны музей, можна было б там спакойна праводзіць мерапрыемствы, а гэта ўсё ж школа, установа якая ў суботу-нядзелю зачынена, а я ўжо шмат гадоў дамагаюся, каб у нас быў дзяржаўны. Вы бачыце, матэрыялаў шмат, падзяліцца ёсць чым. Шуралёў сказаў: «Так, вам вельмі патрэбен у горадзе дзяржаўны музей. Затым дадаў, што цяпер ён бачыць і разумее, чаму палітработнікі шануюць сяброўства з музеем і як важна гэта для іх. Неўзабаве пасля гэтай сустрэчы прыехалі прадстаўнікі з Міністэрства культуры, пахадзілі, паглядзелі. А праз некалькі дзён мяне выклікалі ў гаркам партыі і ўзрадавалі, што прыйшло рашэнне аб стварэнні дзяржаўнага музея і Атаманава Р. С., гэта значыць я, на паўстаўкі будзе яго дырэктарам. Гэта быў сакавік 1991 года».

Паўстала пытанне аб размяшчэнні музея. На той момант раённы ваенкамат рабіў прыбудову да будынку, таму было вырашана зрабіць яе двухпавярховай і другі паверх аддаць пад музей. З часам дадалася ўласная двухпавярховая прыбудова пад адміністрацыйную частку і сховішча для экспанатаў.

Галоўнай мэтай пры заснаванні краязнаўчага музея быў збор і захаванне інфармацыі і дакументаў, якія адлюстроўваюць гісторыю і культуру Калінкавіцкага раёна, у першую чаргу, падзеі Вялікай Айчыннай вайны.

4 чэрвеня 1991 года быў прыняты Закон «Аб культуры», артыкул № 34, згодна з якім Рэспубліка Беларусь забяспечвала збор, сістэматызацыю і вывучэнне прадметаў і аб'ектаў культурнай нацыянальнай спадчыны Беларусі.

З'яўленне краязнаўчага музея ў Калінкавічах стала вынікам сацыяльна-культурнага развіцця рэгіёна, яго імкнення да самаідэнтыфікацыі і самавызначэння ў гісторыка-культурным кантэксце.

Музейны фонд, які камплектаваўся на аснове сабраных у раёне і горадзе музейных прадметаў, ужо да 1993 года налічваў 588 экспанатаў. У гэтым жа годзе пад кіраўніцтвам выдатнага археолага, кандыдата гістарычных навук Ісаенкі У. Ф. была праведзена археалагічная экспедыцыя, невялікая частка археалагічных знаходак была перададзена ў музей.

14 студзеня 1994 года Дзяржаўны краязнаўчы музей быў афіцыйна адкрыты для наведвальнікаў у будынку па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 11 А (новы адрас музея: вул. Карла Маркса, 14/2). Да памятнай даты вызвалення горада Калінкавічы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была адкрыта выстава, прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

У 1995 годзе атрымала пачатак экспазіцыйнае праектаванне, у прыватнасці, распачата стварэнне экспазіцыі «Прырода роднага краю і яе ахова».

Знамянальнай і важнай вяхой у жыцці Калінкавіцкага музея стаў 1999 год. У гэтым годзе загадчыцай лабараторыі музейнага праектавання Беларускага інстытута праблем культуры Сташкевіч А. Б. быў падрыхтаваны праграмны дакумент «Канцэпцыя развіцця музея». Па статусе музей станавіўся дзяржаўнай навукова-даследчай установай па вывучэнні гісторыі і культуры раёна.

Да канца 1999 года была завершана работа па стварэнні экспазіцыі «Прырода роднага краю і яе ахова».

У 2000 годзе музейная справа на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна ажыццяўлялася на базе Калінкавіцкага краязнаўчага музея. Колькасць выставак, якія праводзіліся ў музеі, з кожным годам узрастала.

Пачынаючы з 2001 года, адным з галоўных напрамкаў дзейнасці супрацоўнікаў музея з'яўлялася навукова-даследчая работа, над стварэннем новых экспазіцый: «Версэты гісторыі, альбо Старажытнасці Калінкавіцкага краю ў матэрыяльных рэштках», «Калінкавіцкі строй. Песня маіх дзядоў», «Яны прайшлі па той вайне». Мастацкім афармленнем экспазіцыйных залаў займаўся мінскі мастак Чысты Г. Р.

14 студзеня 2004 года, у памятны дзень 60-годдзя вызвалення горада Калінкавічы ад нямецка-фашысцкай акупацыі, адбылося ўрачыстае адкрыццё новых экспазіцый нашага музея: «Версэты гісторыі, альбо Старажытнасці Калінкавіцкага краю ў матэрыяльных рэштках», «Калінкавіцкі строй. Песня маіх дзядоў», «Яны прайшлі па той вайне».

У 2004 —2005 гадах навукова-даследчая работа музея адлюстравалася ў апрацоўцы архіўных матэрыялаў, уласных фондаў, у зборы навуковай інфармацыі. па наступных тэмах: «Стварэнне летапісаў вёсак, пасёлкаў Калінкавіцкага раёна», «Зверствы фашызму на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна», «Улік і ахова помнікаў гісторыі і культуры». Згодна з планам мерапрыемстваў па захаванні і ўтрыманні ў належным стане магіл загінуўшых воінаў, размешчаных на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна, супрацоўнікамі музея быў праведзены ўлік і пашпартызацыя 62 воінскіх пахаванняў, створана карта гэтых пахаванняў, здзейснена работа па ўстанаўленні прозвішчаў ахвяр фашызму, пахаваных у брацкіх магілах і не ўнесеных на памятныя дошкі, выяўлены шэраг невядомых пахаванняў воінаў Чырвонай Арміі, якія загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У 2006 годзе краязнаўчы музей сумесна з райваенкаматам правёў работу па ўстанаўленні ахвяр фашызму, герояў Вялікай Айчыннай вайны і воінскіх пахаванняў.

У 2011 годзе навуковым супрацоўнікам музея Лякіным У. А. быў падрыхтаваны і выдадзены краязнаўчы бюлетэнь «Калінкавіцкі летапіс» № 8, прысвечаны Калінкавіцкаму чыгуначнаму падполлю ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Увесь перыяд супрацоўнікамі музея вялася карэкціроўка звестак базы дадзеных воінскіх пахаванняў байцоў Чырвонай Арміі і партызан.

2013 год таксама быў багаты на падзеі. Прайшло 14 гадоў з таго часу, як была напісана і пачала ажыццяўляцца «Канцэпцыя развіцця музея». Надышоў час, калі музею стала неабходным перагледзець і абнавіць сваю канцэпцыю, якая павінна была адпавядаць сучаснаму становішчу і культурна-гістарычнаму абліччу музея. Новая канцэпцыя дазваляла намеціць неабходны новы напрамак яго далейшага развіцця. У 2013 годзе дырэктарам музея Петрушэнка С. В. была распрацавана новая «Канцэпцыя развіцця музея». Гэта канцэпцыя рэгламентавала працяг асноўнага напрамку дзейнасці Калінкавіцкага дзяржаўнага краязнаўчага музея, акрэслівала магчымасці ўдасканалення існуючай палітыкі музея, развіцця тэматыкі экспазіцый, арганізацыі музейнага асяроддзя, работы з наведвальнікамі і распрацоўкі новых праектаў па некаторых напрамках музейнай справы.

На працягу 2014 года працягвала весціся пошукава-даследчая работа па ўшанаванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Праводзілася работа па ўстанаўленні раней невядомых прозвішчаў абаронцаў Айчыны, якія загінулі і пахаваны на тэрыторыі нашага раёна. У выніку праведзенай працы былі выяўлены 1002 раней невядомыя прозвішчы.

На працягу 2015 года вялася актыўная работа па арганізацыі экспазіцыйнай і выставачнай дзейнасці.

На працягу года вялася пошукава-даследчая работа па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны. У выніку гэтай работы было ўстаноўлена 840 раней невядомых прозвішчаў.

Да дня святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленай экспазіцыі, прысвечанай падзеям Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна «Вялікім вогненным гадам святую памяць захоўваючы…».

У 2017 годзе навуковым супрацоўнікам музея Малашчанкам С. У. падрыхтаваны і выпушчаны краязнаўчы альманах «Музейная хроніка» № 2, які змяшчае апісанне некаторых ваенных падзей перыяду Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна (Мазырскі УР № 65, партызанскі рух С .А. Каўпака, А. М. Сабурава, А. Ф. Фёдарава, Гомельска-Рэчыцкая аперацыя, Калінкавіцка-Мазырская аперацыя).

11 студзеня 2019 года, напярэдадні знамянальнай даты ў гісторыі раёна — 75-годдзя вызвалення горада Калінкавічы і Калінкавіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — Калінкавіцкі краязнаўчы музей прэзентаваў абноўленую экспазіцыю «Вялікім вогненным гадам святую памяць захоўваючы…».

Экспазіцыя і раней была прадстаўлена шматлікімі інфарматыўна каштоўнымі экспанатамі, але зараз у ёй з'явілася яшчэ адна адкрытая трагічная старонка ваеннай гісторыі. Вызваленне Калінкавіцкага раёна нельга ўявіць без вызвалення Азарыцкіх лагераў — «Дзерць», «Падасіннік», «Азарычы».

З гэтага дня ў музеі можна азнаёміцца з унікальным дакументам, прадстаўленым Калінкавіцкаму раёну Мазырскім дзяржаўным занальным архівам, які раней не быў вядомы шырокай публіцы наведвальнікаў і краязнаўцаў — «Данясенне ў штаб 1-га Беларускага фронту». Тут таксама размясціліся схемы і карты наступальных дзеянняў савецкіх войскаў і планы размяшчэння нямецкіх абарончых рубяжоў. Але цэнтральнае месца ў экспазіцыі заняла падшыўка газеты «Правда» 1944 года, на адным з разваротаў якой, у навучанне будучым пакаленням, размешчаны артыкул аб зверствах фашыстаў і стварэнні Азарыцкіх канцэнтрацыйных лагераў.

Праца па стварэнні раздзела «Азарыцкія канцэнтрацыйныя лагеры смерці», экспазіцыі «Вялікім вогненным гадам святую памяць захоўваючы…» вялася планамерна, на працягу некалькіх гадоў, і была накіравана на асвятленне раней невядомых архіўных матэрыялаў.

10 лютага 2022 года ў сувязі з правядзеннем Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь крымінальнай справы №21028030022, узбуджанай па арт.127 КК Рэспублікі Беларусь па фактах учынення нацысцкімі злачынцамі, іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941-1945 гг.) генацыду жыхароў Беларусі, адбылася рээкспазіцыя ваеннай экспазіцыі, у якой прадстаўлена тэма генацыду беларускага народа. У экспазіцыі аб'ектыўна прадстаўлена інфармацыя аб злачынствах фашыстаў і іх памагатых. Раздзелы дапоўніліся новым фрагментам гісторыі — «Спаленыя вёскі. Па слядах нацысцкіх злачынстваў».

На сённяшні дзень у музеі адкрыты для наведвальнікаў 4 экспазіцыі:

  • «Прырода роднага краю і яе ахова»;
  • «Версэты гісторыі, альбо Старажытнасці Калінкавіцкага краю ў матэрыяльных рэштках»;
  • «Вялікім вогненным гадам святую памяць захоўваючы…»;
  • «Калінкавіцкі строй. Песня маіх дзядоў».