Жывыя, пакуль памятаем. Гістарычную памяць увекавечылі ў жывапісе

Мастацкая выстава пад такой назвай стала вынікам пленэра, прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яго арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры і Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Гэты пленэр стаў своеасаблівым мастацкім маніфестам, дзе гістарычную памяць ўвекавечылі ў жывапісе.

У пленэры прынялі ўдзел 12 аўтараў з ліку членаў Беларускага саюза мастакоў і студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Наш раён быў значным пунктам у маршруце ўдзельнікаў рэспубліканскага мастацкага пленэра. У маі яны наведалі раённы краязнаўчы музей, дзе сустрэліся і пагутарылі з малалетнімі вязнямі Азарыцкага лагера смерці – жывымі сведкамі тых страшных падзей, сфатаграфавалі будучых герояў сваіх праектаў. Потым маладыя мастакі пабывалі непасрэдна ў Азарычах, на экскурсіі па мемарыяльным комплексе.

Вынікі работы удзельнікаў пленэра ўвасобіліся ў створаных жывапісцамі творах, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны. А 22 жніўня ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё выставы “Жывыя, пакуль памятаем”.

На выставе прадстаўлены выявы знакавых мемарыяльных комплексаў, на месцы якіх дзесяцігоддзі таму карнікі стварылі канцэнтрацыйныя і ваеннапалонныя лагеры, спальвалі цэлыя вёскі: Малы Трасцянец, Азарычы, Ала, Чырвоны Бераг, вёска Боркі і іншыя.

Многія мастакі на сваіх палотнах паказалі вобраз дзіцяці-вязня – у экспазіцыі прадстаўлены псіхалагічныя партрэты дзяцей, якія пабачылі жахі вайны, былі пазбаўлены бесклапотнага дзяцінства і вымушаны змагацца за сваё жыццё.

Адзін з манументальных твораў прысвечаны кіраўніку вызваленчай аперацыі «Баграціён» Канстанціну Ракасоўскаму. Ёсць у экспазіцыі і партрэты вязняў Азарыцкага лагера смерці. Напрыклад, Уладзіміра Гардзіенкі, які цудам выратаваўся і сёння ўзначальвае раённую арганізацыю малалетніх вязняў фашызму. Аўтар партрэта – студэнтка 5 курса акадэміі мастацтваў Карына Лявонава.

–Гэтая выстава – бясконцая падзяка мільёнам людзей, якія змагаліся за нашу будучыню. А таксама напамін, як важна захоўваць гістарычную памяць, і што жыццё мёртвых працягваецца ў памяці жывых. Кожнае палатно заснавана на рэальных падзеях, пераносіць нас у створаныя карнікамі фабрыкі смерці, лагеры для ваеннапалонных, месцы спаленых вёсак – Хатынь, Трасцянец, Азарычы, Алу, Чырвоны Бераг, Боркі... Драму беларускага народа аўтары палоцен пісалі не ў майстэрнях, а з натуры, – адзначыў навуковы супрацоўнік Калінкавіцкага краязнаўчага музея Сяргей Малашчанка, які прымаў удзел у цырымоніі адкрыцця выставы.

Таццяна КАПІТАН.

https://www.knews.by/news/kultura/zhyvyya-pakul-pamyataem-gistarychnuyu-...

372